“Гэта мая гісторыя пра апошняе падарожжа ў мінскім метро ад канцавой станцыі да Чыгуначнага вакзала. Апанаваны страхам, тады я імкнуўся хутчэй пакінуць краіну і скокнуць у невядомасць вымушанай эміграцыі.”
“Код Беларусі ці то не знойдзены, ці то згублены. Фальклорны элемент у трэку — толькі здань, размазаная фарба, рэха, што больш падобныя да ўспаміну ці сну, чым да нечага, што мае зразумелыя значэнні і сілу.”
“Калі адныя дзверы зачыняюцца — іншыя адчыняюцца. Я ганаруся быць на баку людзей, якія дзверы адчыняюць. Трэк прасякнуты энэргіяй натоўпу і скандаваннем лозунгаў падчас мірных пратэстаў у Мінску 2020 года.”
“Бэнгер-напамін з голасам Марыі Калеснікавай, якая стала сімвалам барацьбы за свабоду ў Беларусі. Acid-techno — ідэальны саўндтрэк да матывацыйных прамоваў. У трэку таксама гучыць флейта Марыі з яе выступу.”
“Унікальнае і арганічнае спалучэнне тлустага баса, нейроннай сеткі і голасу класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Каб штучны інтэлект агучыў вершы “Восень” і “Зорка”, я надрукаваў тэксты лацінкай, а нейронная сетка прачытала іх быццам па-ангельску.”
“Мы надалі новы сэнс архіўнаму запісу старадаўняй беларускай песні «Шось у лесе гукае». Моц акапэльнага спеву, цымбалы з прагрэсіў-басам і дзвіжовы BPM натхняюць ісці і рабіць вялікія справы.”
“Мой трэк адлюстроўвае драматычныя і змрочныя складнікі, як неад’емную частку жыцця і быту нашых продкаў. Сучасны фальклорны спеў спалучаецца з сэмпламі традыцыйнай песні, запісанай у 1993 годзе ў вёсцы на Палессі.”
“Беларускі фальклор прасякнуты тэмай дрыгвы і прыгодамі нячысцікаў на балотах. У трэку можна пачуць, як гучыць самае вялікае балота Беларусі – Ельня. Запіс зрабілі мае сябры з суполкі KeepMinskWeird падчас вандроўкі.”
“Саўндтрэк-фантасмагорыя да 90-х, якія маглі б быць у Беларусі. У трэку гучыць легендарны беларускі гурт «Kriwi», лепшы за ўмоўны Deep Forest, бо з моднымі танцавальнымі бітамі спалучаецца нашае, беларускае.”
“Рэмікс-пераможца конкурса праекта ŠUMA на нашу сучасную электронную версію вядомай усім беларус_кам песні «Купалінка». Аўтар пажадаў застацца ананімным праз палітычную сітуацыю ў Беларусі.”
“Успаміны пра маё дзяцінства прасякнутыя «Калыханкай», якая гучала на беларускім радыё ў 90-я. Дагэтуль адна з найлепшых песень, якія я чуў на беларускай мове. І не толькі на ёй.”
“«Асцярожна, дзверы зачыняюцца», — прамаўляе мінскае метро, дзе сёння я не магу праехаць. У трэку выкарыстаны мае запісы штодзённага жыцця з Мінску і гук скрыгату сапсаванага вінілу ансамбля «Песняры» 1979 года.”
“Песня для жаніха, калі ён едзе па маладую на пачатку вяселля. Гэта пачатак новага жыцця і абярэг. У трэку я заміксаваў вакал, запісы званоў беларускай царквы, аналагавыя сінтэзатары, беларускую дуду і запісы беларускай прыроды.”